ПРА НАС
Беларускі даследчы ўніверсітэт імя Астафея Валовіча ствараецца як адказ на выклікі часу і патрэбы грамадства. Гэта ініцыятыва беларускіх вучоных і інтэлектуалаў у эміграцыі, аб’яднаных жаданнем захаваць і развіваць нацыянальную акадэмічную традыцыю, забяспечыць свабоднае асяроддзе для мыслення і даследаванняў.
Будучы ўніверсітэт будзе адкрыты для ўсіх, хто хоча вучыцца, даследаваць і выкладаць па-беларуску, працаваць з беларускай праблематыкай у еўрапейскім кантэксце і спрыяць інтэлектуальнаму дыялогу пра будучыню краіны. Ён накіраваны на магістарскія і дактаранцкія праграмы, дзе выкладанне непарыўна звязана з навуковай дзейнасцю і грамадскай адказнасцю.
Універсітэт Валовіча задумваецца як сапраўдны нацыянальны даследчы ўніверсітэт – не падраздзяленне іншай установы і не чарговы адукацыйны праект. Ён стане прасторай, дзе ствараюцца новыя веды, развіваюцца міждысцыплінарныя даследаванні і фарміруюцца інтэлектуальныя арыенціры для Беларусі.
Гэта будзе інстытуцыя з акадэмічнымі свабодамі, беларускім тварам і еўрапейскімі каштоўнасцямі. Яна імкнецца стаць каталізатарам сацыяльных перамен, мадэллю ўнутранай дэмакратыі і ўзорнай платформай для шырокага грамадскага дыялогу.
Адкрыты ліст
Адкрыты ліст у падтрымку стварэння Беларускага даследчага ўніверсітэта падпісалі больш за 60 прадстаўнікоў міжнароднай акадэміі і грамадзянскай супольнасці. Сярод іх – Святлана Алексіевіч, лаўрэатка Нобелеўскай прэміі па літаратуры, Наталля Пінчук, жонка лаўрэата Нобелеўскай прэміі міру Алеся Бяляцкага, Стэфан Эрыксан, былы амбасадар Швецыі ў Беларусі, Адам Міхнік, галоўны рэдактар Gazeta Wyborcza, вучоныя з ЗША, Канады, Вялікабрытаніі, Германіі, Аўстрыі, Нарвегіі, Бельгіі, Польшчы, Літвы, Украіны і Беларусі.
Аўтары адкрытага ліста заклікалі да шырокага супрацоўніцтва з камандай стваральнікаў і падтрымкі праекта на ўзроўні дзяржаў і фондаў.
Каб нараджаліся ідэі, якія фарміруюць будучыню – для Беларусі, у Беларусі і па-беларуску
Місія і бачанне
Місія Універсітэта Валовіча
стварыць адкрытую прастору для мыслення, заснаванага на прынцыпах акадэмічнай свабоды, еўрапейскіх каштоўнасцях і правах чалавека, умацаваць беларускую ідэнтычнасць і традыцыі мультыкультуралізму, садзейнічаць дэмакратычнаму развіццю беларускага грамадства і пашырэнню яго акадэмічнага, інтэлектуальнага і культурнага патэнцыялу.
Прынцыпы і каштоўнасці
Універсітэт Валовіча грунтуецца на прынцыпах Вялікай Хартыі Універсітэтаў і на ўласным разуменні грамадзянскай і акадэмічнай адказнасці.
-
Акадэмічная свабода
Стварэнне прасторы для крытычнага мыслення, свабоды выкладання і даследаванняў, адкрытага дыялогу і інклюзіўнасці. Гэта базавы прынцып існавання сучаснага ўніверсітэта.
-
Нацыянальная ідэнтычнасць
Умацаванне беларускай ідэнтычнасці і мовы як інструмента мыслення, даследавання і выкладання. Гэта не выключэнне іншых культур, а ўкаранёнасць у сваё і адкрытасць да сусветнага.
-
Дэмакратычнае развіццё
Універсітэт імкнецца быць супольнай структурай з удзелам усіх зацікаўленых бакоў – студэнтаў, супрацоўнікаў, партнёраў, выпускнікоў. Гэта таксама мадэль унутранай дэмакратыі і ўзор для будучай трансфармацыі сістэмы адукацыі Беларусі.
-
Непарыўнасць выкладання і даследаванняў
Адукацыя і навука павінны існаваць у цесным адзінстве. Кожны навучальны курс абапіраецца на актуальныя даследаванні.
-
Роўнасць магчымасцей
Універсітэт падтрымлівае прынцыпы інклюзіі і недыскрымінацыі. Доступ да адукацыі, росту і ўдзелу ў жыцці супольнасці павінен быць магчымым для ўсіх незалежна ад паходжання, полу, этнічнасці або іншых асаблівасцей.
-
Адукацыя на працягу жыцця
Адукацыйныя праграмы разлічаныя на людзей розных узростаў і жыццёвых этапаў, бо навучанне не мае ўзроставага бар’ера.
-
Глабальная і рэгіянальная значнасць
Універсітэт арыентаваны на лакальныя праблемы з глабальным значэннем. Мы разглядаем Беларусь як частку еўрапейскай акадэмічнай прасторы.
-
Пазіцыянаванне беларускай культуры
Праз даследаванні і адукацыю Універсітэт імкнецца пашыраць бачнасць беларускай мовы, культуры і перспектывы ў міжнароднай навуковай і адукацыйнай супольнасці.
Бачанне
Праз 5 гадоў
Ключавыя задачы гэтага этапу:
- запуск магістарскіх і дактаранцкіх праграм;
- акрэдытацыя і прызнанне на еўрапейскім узроўні;
- выданне ўласнага акадэмічнага часопіса і рост публікацыйнай актыўнасці;
- правядзенне прэстыжных канферэнцый і навуковых форумаў;
- удзел у праграмах акадэмічнага абмену;
- супольныя анлайн-курсы і праекты з іншымі ўніверсітэтамі.
Праз 10 гадоў
Стратэгічныя арыенціры:
- устойлівыя партнёрствы з вядучымі еўрапейскімі ўніверсітэтамі;
- поўны цыкл адукацыйных узроўняў і сфарміраваная сістэма доктарскіх праграм;
- статус аўтарытэтнага аналітычнага цэнтра па пытаннях Беларусі і рэгіёна;
- каля 20 сацыяльна-гуманітарных даследчых цэнтраў і лабараторый;
- замовы на даследаванні ад міжнародных арганізацый і грамадзянскай супольнасці;
- супольнасць выпускнікоў, якая падтрымлівае місію і развіццё Універсітэта.
Астафей Валовіч – патрон нашага Універсітэта
Патронам Беларускага даследчага ўніверсітэта стаў Астафей Валовіч (1520–1587) – дзяржаўны дзеяч Вялікага Княства Літоўскага XVI стагоддзя, прыхільнік адукацыі, права і гуманізму. Ён зрабіў значны ўнёсак у прававую спадчыну ВКЛ, удзельнічаючы ў падрыхтоўцы Статутаў 1566 і 1588 гадоў – аднаго з самых прагрэсіўных на той час збораў законаў у Еўропе. Гэта сведчыць пра яго глыбокія веды і прыхільнасць да ідэі прававой дзяржавы.
Валовіч актыўна падтрымліваў развіццё адукацыі і кнігадрукавання. Ён выступаў з ініцыятывай стварэння вышэйшай навучальнай установы, што ўрэшце прывяло да заснавання Віленскага ўніверсітэта. Акрамя таго, фінансаваў друкарню ў Нясвіжы і падтрымліваў дзейнасць мысляроў, такіх як Сымон Будны.
Яго жыццёвыя погляды былі прасякнутыя ідэямі гуманізму і маральнай адказнасці. У сваім завяшчанні ён вызваліў падданых ад прыгоннай залежнасці – незвычайны і прагрэсіўны крок для таго часу.
Адукацыю Валовіч атрымаў у Германіі і, імаверна, у Падуі – ва ўніверсітэтах, якія ўвасаблялі гуманістычную традыцыю і еўрапейскія інтэлектуальныя сувязі.
Выбар яго постаці як патрона не выпадковы. Ён увасабляе спалучэнне прававой думкі, адукацыі і гуманізму – тых прынцыпаў, на якіх грунтуецца місія Універсітэта Валовіча. Як і наш праект, Валовіч бачыў у ведах і асвеце аснову справядлівага грамадства і незалежнасці духу. Імя Валовіча для нас – гэта сімвал адкрытасці да новага, адказнасці і веры ў сілу адукацыі.
Хто стварае Універсітэт
Універсітэт Валовіча – ініцыятыва супольнасці беларускіх навукоўцаў, даследчыкаў і выкладчыкаў у замежжы. Сярод іх – людзі з досведам працы ў беларускіх і замежных універсітэтах, аналітычных цэнтрах і Нацыянальнай акадэміі навук. Іх аб’ядноўвае вера ў неабходнасць незалежнай беларускай акадэмічнай інстытуцыі і разуменне, што будучыня краіны патрабуе ўласных інтэлектуальных цэнтраў.
Іх мэта – стварэнне не чарговага адукацыйнага праекта, а паўнавартаснага даследчага ўніверсітэта, які будзе ўкараняць еўрапейскія стандарты і захоўваць беларускую ідэнтычнасць. Асацыяцыя, якая стварае ўніверсітэт, зарэгістраваная ў Польшчы.
Каманда працуе праз аргкамітэт і тэматычныя групы: ад гуманітарных і сацыяльных навук да адукацыйнай палітыкі і камунікацыі. Арганізоўваюцца даследчыя цэнтры, рыхтуюцца першасныя праграмы і наладжваецца міжнароднае партнёрства.
Заснавальнікі даследчых цэнтраў і публічныя прадстаўнікі Універсітэта Валовіча:
- Цэнтр даследаванняў адукацыі – Марына Сакалова, кандыдатка гістарычных навук, сузаснавальніца і сяброўка Рады Беларускай асацыяцыі адукацыі і навукі.
- Цэнтр філасофскіх даследаванняў – Ігар Падпорын, кандыдат філасофскіх навук, дацэнт; Пётр Рудкоўскі, доктар філасофіі; Андрэй Лаўрухін, кандыдат філасофскіх навук, дацэнт; Павел Баркоўскі, кандыдат філасофскіх навук, дацэнт.
- Цэнтр антрапалогіі і этналогіі – Уладзімір Лобач, доктар гістарычных навук, дацэнт.
- Цэнтр даследаванняў міжнародных адносін – Роза Турарбекава, кандыдатка гістарычных навук, дацэнтка.
- Цэнтр сацыялагічных даследаванняў – Генадзь Коршунаў, кандыдат сацыялагічных навук, дацэнт; Алена Шкурова, доктарка сацыялагічных навук, дацэнтка.
- Цэнтр эмпірычнай сацыялогіі – Андрэй Вардамацкі, доктар сацыялагічных навук, прафесар.